На Маладзечаншчыне могуць пабудаваць сонечныя электрастанцыі, ветраэнергетычныя ўстаноўкі і біягазавыя комплексы
Опубликовано 14.05.2014
Пытанне аб будаўніцтве абмяркоўвалася з дэлегацыяй экспертаў і кіраўнікамі камерцыйных арганізацый і фондаў, якія займаюцца ўкараненнем тэхналогій атрымання энергіі з аднаўленчых крыніц. Яны наведалі раён для ўдзелу ў форуме «Інвестыцыі ў аднаўленчую энергетыку для ўстойлівага энергетычнага развіцця».
Мерапрыемства, адкрыццё якога адбылося ў Мінску, сабрала дэлегатаў з сямі краін СНД: Арменіі, Азербайджана, Грузіі, Літвы, Малдовы, Украіны і Беларусі. Арганізавалі міжнародную сустрэчу Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і асацыяцыя «Аднаўленчая энергетыка».
Дэлегаты дзяліліся вопытам у будаўніцтве і эксплуатацыі ўстановак, што працуюць на альтэрнатыўных крыніцах энергіі. Аб дасягненнях і перспектывах «зялёнай» энергетыкі ў Маладзечанскім раёне расказала старшыня экалагічнага грамадскага аб’яднання «Чыстая Уша» Вольга Варапаева.
Інвестыцыйныя праекты, якія яна прадставіла ўдзельнікам і гасцям форуму, распрацавалі члены аб’яднання сумесна са спецыялістамі ПІУП «ЭнергаВінд».
Згодна з прапановамі, на Маладзечаншчыне могуць з’явіцца сонечныя электрастанцыі і ветраэнергетычныя ўстаноўкі. Таксама прапануецца прадоўжыць будаўніцтва біягазавых комплексаў. Кваліфікаваныя кадры, гаспадарчая інфраструктура і адпаведны вопыт для гэтага ёсць.
Госці наведалі біягазавы комплекс у аграфірме «Лебедзева».
Для краін, дзе няма значных радовішчаў вуглевадародаў, якія залежаць ад паставак энерганосьбітаў з-за мяжы, асваенне альтэрнатыўных крыніц энергіі – адна з першачарговых задач у эканоміцы.